Спазнаём малую радзіму

“Спазнаем малую радзіму”

Мэта: узнавiць  веды вучняў пра свае родныя мясцiны, успомнiць асноўныя гiстарычныя факты,  данесцi цiкавыя звесткi пра сваю малую радзiму;  выхоўваць  грамадскiя  i  патрыятычныя  пачуццi,  пашырыць  кругагляд вучняў.

 

Куточак мой, да скону дарагі.

Такі маленькі і такі вялікі...

Уздоўж  дарогі ў вёсачку – стагі,

Ды варання ўзбуджаныя крыкі.

Дзе б ні была – душа заўсёды тут,

У хаце, на дварышчы, на пагорку.

Магнітам к сабе цягне родны кут,

Там зіхаціць мая ў небе зорка.

                                                               Г.Шкода

Вядучы

- Добры дзень, дарагія сябры.  Мы шчыра вітаем вас на нашым мерапрыемстве, прысвечаным малой Радзіме. Праца над нашым агульным праектам “Мая краіна – мой гонар” працягваецца і ў гэтым годзе.Мы адправімся  з  вамі  ў  падарожжа,  падарожжа  па    мясцінах,  на  першы погляд,  звычайных,  мясцінах  да  апошняй  травінкі  знаёмых,  але,  разам  з тым, мясцінах да шчымлівасці блізкіх і родных.   Мы завітаем з вамі  ў некаторыя куточкі нашай малой  радзімы.

Над ракой, за жоўтымі ігрушамі, 

Журавы падрэзалі зару.

Я сустрэчай светлаю ўзрушана,

Са старэнькай мамай гавару.

 

Адступіла ўсе, нібы забылася,

Што было вялікім, як сусвет,

Цішынёй і мамай засланілася,

Абляцела, быццам пустацвет.

Вокны засвяціліся крынічкамі.

Я ступіла ціха на парог:

Вось яна –хацінка невялічкая,

Што была відаць з усіх дарог!

 

Дарогое, роднае, адзінае,

Сэрцам тут заўсёды мы жывём.

Нездарма маленькаю Радзімаю

Дом , дзе мы радзіліся, завём!

                                                   У.Карызна

Малая  радзіма  !  У  адных  –  гэта  горад,  пасёлак,  у  другіх  –  невялікая вёсачка,  але  як  і  ў  людзей,  разам  з  лёсам  і  гісторыяй  яна  мае  сваё, адметнае ад іншых, аблічча.

Вось  і  першы  прыпынак- сталіца Беларусі, Мінск.

Выступленне 1,2,3 класаў.

 А цяпер я прапаную адправіцца ў вандроўку па гарадах нашай краіны: вам трэба назваць гарады Беларусі (дэманструюцца слайды — адзін з пытаннем, а другі з адказам).

  1. Горад Беларусі, які носіць жаночае імя (Ліда).
  2. Горад, у якім схавалася слова "слон" (Слонім).
  3. Горад, які першым прыняў бой у гады    Вялікай    Айчыннай    вайны (Брэст).
  4. Горад, які мае пушыстае імя (Пухавічы).
  5. Горад, назва якога звязана з назвай пушнога звярка, які водзіцца ў  Беларусі (Бабруйск).
  6. Горад, які мае мужчынскае імя (Барысаў).
  7. Гарады, назвы якіх адрозніваюцца толькі адной літарай  (Мінск, Пінск).
  8. Адзін з самых старажытных га­радоў рэспублікі (Полацк).
  9. Горад, у гонар якога Сімяон Полацкі ўзяў сабе прозвішча (Полацк. Там ён нарадзіўся).
  10. Старажытны горад, у якім на­радзіўся Ф. Скарына (Полацк).

Выступленне 5 класа (Віцебская вобл.)

Паглядзіце на карту Беларусі. Гэта не толькі краіна на карце, гэта наша Радзіма, Радзіма нашых продкаў — дзядоў, бацькоў. А Радзіму, як вядома, трэба любіць і шанаваць. Менавіта гэтай тэме народ прысвяціў шмат прыказак і прамавак. А ці ведаеце вы іх?

 (Праца ў парах, раздаюцца карткі з заданнямі, трэба знайсці адпаведныя часткі прыказак і прымавак.)

Дарагая тая хатка,                      

дзе радзіла мяне матка.

Няма смачней вадзіцы,

як з роднай крыніцы.

Чалавек без радзімы,

што птушка без песні.

Усюды добра,

а дома лепей.

У сваёй хаце

і вуглы дапамагаюць.                              

 

Выступленне 6 класа (Магілёўская вобл.)

Калі мы гаворым пра сваю малую радзіму, кожны з нас уяўляе яе па-свойму.  Хтосьці  бачыць  бацькоўскую  хату,  дзе  заўсёды  цёпла  і  ўтульна,  а галоўнае,  цябе  там  чакаюць.  Іншыя  бачаць  маленькі  дворык,  цяністыя  алеі старога парку, дзе прайшло першае каханне. Наступны прыпынак нашага падарожжа – Брэсцкая вобл.

Выступленне 7 класа

ВЯДУЧЫ: Вам прапануецца заданне : на дошцы размешчана карта Беларусі, а ў мяне ёсць гербы нашых абласцей. Неабходна правільна іх размясціць.

 

 

 

 

 

 

 

 

Выступленне 8 класа (Мінская вобл.)

  • На дошцы малюнкі розных будынкаў і знакавых мясцін Беларусі. Неабходна правільна іх назваць.

Выступленне 9 класа (Гродненская вобл.)

Заўсёды беларусы вызначаліся здатнасцю да жартаў, кемлівасцю. Скарбонкай народнай мудрасці і назіральнасці лічацца беларускія загадкі. Кемлівасці, дасціпнасці вучыліся дзеткі, калі адгадвалі загадкі. Паглядзім, ці кемлівыя вы, дзеці?

( Вучні загадваюць загадкі.)

Блакітнае вока ад зямлі высока. (Неба)

 

Нахмурыцца , насупіцца,

У слёзы ўдарыцца -

Нічога не застанецца.(Хмара)

 

Хвост мой пушысты, кажух мой агністы,

Хітрай называюць і курэй хаваюць. (Лісіца)

 

Крылаў не мае, а лятае,

Без рук, а вароты адчыняе,

Без голасу, а спявае.

Без пугі, а хмары ганяе. (Вецер).

 

Прыйшла чорна маці, усіх паклала спаці.(Ноч)

 

Ён раскажа і пакажа, як жыве планета наша.

А няма электратоку - ён без мовы і без зроку. (Тэлевізар)

 

З гаспадаром сябруе,  дом вартуе.

Ляжыць пад ганкам - хвост абаранкам.(Сабака.)

 

Сосны лечыць ён з вясны,

Доктарам завуць лясным. (Дзяцел)

 

Выступленне 10-11 кл. (Гомельская вобл.)

 

Гэта  быў  наш  апошні  прыпынак.  Падарожжа    па  родных  мясцінах завяршаецца. Я ўпэўнена, што ў сэрцы кожнага з нас заўсёды знойдзецца месца куточку роднай зямля, і дзе бы нам ні прыйшлося жыць, мы заўсёды будзем помніць свой родны дом, свою маленькую радзіму.

Я - беларус, я нарадзіўся

На гэтай казачнай зямлі.

Дзе між лясоў і пушчаў дзікіх

Адвеку прашчуры жылі.

 

Я - беларус, я ганаруся,

Што маю гэтае імя.

Аб добрай славе Беларусі

У свеце знаюць нездарма.

 

Я - беларус, і я шчаслівы,

Што маці мову мне дала,

Што родных песень пералівы

І зблізку чую і здалля.

 

Я - беларус, і хоць сягоння

Яшчэ малы, але скажу:

“Я родам з племя непакорных

І прад бядой не задрыжу.”

 

Высока ў небе вырай кружыць,

Ляціць за сіні небакрай.

Не забывай ніколі,  дружа,

Сваю зямлю,  свой родны край!

Ещё в этом разделе