Гульня «Гаворым па-беларуску»

Гульня «Гаворым па-беларуску»

для вучняў VII класаў

Мэта: выхоўваць у навучэнцаў патрыятычную самасвядомасць і грамадзянскую культуру праз асэнсаванне духоўных каштоўнасцей, абуджэнне павагі і пачуцця любові да роднай мовы, ствараць умовы для творчай і сацыяльнай самарэалізацыі кожнага з дзяцей. Задачы: фарміраванне ўяўлення пра духоўныя каштоўнасці і іх ролю ў жыцці чалавека; развіццё моўнай чуйнасці, цікавасці да вывучэння беларускай мовы; выяўленне і падтрымка творчага патэнцыялу кожнага вучня. Эпіграфы:

1) Вобразная, вольная, пявучая, Мова беларуская мая!

Пімен Панчанка.

2) Мілая, адзіная Нам, нашчадкам, дадзена Любаю радзімаю Ад дзядоў і прадзедаў.

Уладзімір Мазго.

3) Магчыма, гэта і не нова, Што слова — зерне на сяўбе, А хто не любіць роднай мовы, Той любіць толькі сам сябе...

Сяргей Грахоўскі.

Ход мерапрыемства

Вядучы.

Прывітанне вам, гульцы — I дзяўчаты, і хлапцы. Гледачоў усіх вітаю, Добра бавіць час жадаю. Вам, гульцы, пабольш адказаў, Ды парупцеся ўсе разам! I, як песня жаўрукова, Будзе вечнай наша мова.

- Сёння ў свеце шмат цудоўных моў. Адны з іх вабяць сваёй прыгажосцю і непаўторнасцю, другія — мілагучнасцю. Але ў кожнага чалавека ёсць толькі адна мова, якая завецца роднай. Менавіта на гэтай мове ён размаўляе з роднымі, сябрамі, знаёмымі. I вельмі дрэнна, калі чалавек пачынае забывацца на сваю мову, не шануе яе. Вядучы. Вельмі важна шанаваць і вывучаць мову свайго народа. Сёння ў нас ёсць магчымасць паглыбіць уласныя веды, падвысіць моўны ўзровень. Прапануем гэта зрабіць у час гульні «Гаворым па-беларуску».

Раўнд I. «Прадстаўленне каманд».

Капітаны прэзентуюць свае каманды.

Раўнд II. «Інтэлектуальная азбука».

(Вучні выцягваюць літару алфавіта, за 5 секунд неабходна назваць 3 словы на гэту літару)

Першы чытальнік (выконвае верш А. Дзеружынскага «Спадчына» ).

Ад дзядоў і прашчураў Засталася спадчына, Як сівой гісторыі сляды, Слых, пачуцці лашчыла Мова наша матчына I жыла. I будзе жыць заўжды. I Скарыны слыннага, I Купалы ўдумнага Словы — залатыя каласы, Словы векапомныя, Вабныя, чароўныя — Гэта нашай праўды галасы. Ад дзядоў і прашчураў Засталася спадчына... Мова беларуская жыве, Нібы сонца яснае, Вечна непагаснае Ў неабсяжнай неба сіняве.

Раунд III. «Перакладчык».

Запішыце па-беларуску словы, словазлучэнні, выканайце пераклад сказаў. Овощи, пища, жареный картофель, оладьи из картофеля; дайте, пожалуйста, ломтик хлеба; всегда желайте приятного аппетита; лакомство, карандаш, варёное яйцо, вкусный завтрак. Делайте так, чтобы людям, которые окружают вас, было хорошо. Весной снег в густых ельниках ещё держался и в конце апреля. Адказы: агародніна, ежа, смажаная бульба, дранікі (аладкі з бульбы); дайце, калі ласка, скібачку (лустачку) хлеба; заўсёды жадайце прыемнага апетыту (або: смачна есці); ласунак, аловак, варанае яйка, смачны сняданак. Рабіце так, каб людзям, якія вакол вас, было добра. Вясной снег у густых ельніках яшчэ ляжаў і ў канцы красавіка. Вядучы

Ты расы самай чыстай чысцей, ты крыніц самых звонкіх званчэй, наша простае, шчырае слова — беларуская родная мова…

Раўнд IV. «Тлумачальнік».

Удзельнікі каманд выцягваюць картку са словам: з 3 трох варыянтаў неабходна выбраць правільны

Вядучы (выконвае ўрывак з верша Н. Гілевіча «Спадчына» ).

Часта думаю: Што, каб не матчына песня? Чым бы дыхаў? На холадзе чым саграваўся б? Папрасімцам, напэўна, Бадзяўся б па свеце, Жабраком Між чужых і радні Пабіраўся б... ................. Я хачу зберагчы цябе, Матчына песня, Каб запоўніць табою Спусцелыя душы! Я хачу Пасяліць цябе ў сэрцах Нашчадкаў, Каб ніколі мяне Папракнуць не змаглі, Каб было перад смерцю Мне лёгка ад згадкі, Што я жыў недарэмна На роднай зямлі.

 

Раўнд V. «Грані слова».

Заданне 1. Выцягніце скрутачак і адгадайце, пра што ідзе гаворка  (па тры на кожную каманду)

  1. У народзе гавораць, што яна можа аб нечым балець, яе можна ламаць над задачай, у яе можа што-небудзь стукнуць, яна можа трашчаць, на ёй можна хадзіць і яе можна задраць, на яе можна зваліцца як снег, у ёй часам гуляе вецер (ГАЛАВА).
  2. Беларусы кажуць, што яго можна павесіць і задраць, у яго можна даць, ім можна кляваць, ён можа быць гулькіным; мы не любім, каб нас за яго вадзілі , і калі яго сунуць у нашы справы, а занадта цікаўнай дзяўчынцы яго адарвалі (НОС).
  3. Беларусы адзначаюць, што на іх можна стаць ці падняцца, яны могуць заплятацца, іх можна не чуць пад сабою і іх можна браць пад пахі ці ў рукі (НОГІ).
  4. Іх можна развесіць, на іх можна чапляць лапшу, іх можна надраць ці абарваць і навастрыць, яны могуць завянуць, між іх мы часта прапускаем (ВУШЫ).
  5. Калі нам цікава, мы яго разяўляем, можам яго трымаць на замку, а можам у яго набраць вады, шмат праблем у таго, у каго ён дзіравы (РОТ).
  6. Нам не падабаецца, калі на яе нехта нам сеў ці ўзлез, калі яе мыляць, яна не чысцее, на яе могуць павесіць хамут. (ШЫЯ).

Вядучы  (выконвае ўрывак з верша А. Нафрановіча «Родная мова» ).

Я — беларус, і мову гэту Да скону дзён мне берагчы. У ёй жа для пазнання свету Усе патрэбныя ключы. Як лёгкім кісларод, заўсёды Яна патрэбная так мне. У ёй залог маёй свабоды, 3 чаго і радасць удвайне. А моў, як і народаў, многа, I лепшых, горшых з іх няма. I, знаць, гавораць нездарма, Што мова дадзена нам Богам.

Будзь гараджанін ты, вясковец, Ні ў свеце, ні ля родных стрэх — Нідзе не грэбуй сваёй мовай, Бо гэта найвялікшы грэх. I, як парою ні жылося, Жаданым быў яе палон. У ёй спеў ветру, шэпт калосся, I ручайка вясёлы звон, I веснія раскаты грому, Празрысты пошчак салаўя... Яна заўжды заве дадому, Дзе б ні блукаў па свеце я.

 

Раўнд VI. «Паэтычны радок».

Прадоўжыце радкі, назавіце аўтара і верш. I каманда

Каб любіць Беларусь нашу мілую, Трэба ў розных краях пабываць. Разумею цяпер, чаму з выраю

___________________________

(.. .Жураўлі на Палессе ляцяць. Алесь Ставер. «Жураўлі на Палессе ляцяць».) II каманда

Было ў салдата два полі, Поле, дзе кветкі ірваў, Бегаў з сябрамі на волі,

_________________________________

(...I поле, дзе ён ваяваў. Анатоль Вярцінскі. «Два полі».) I каманда

Паміж пустак, балот беларускай зямлі, На ўзбярэжжы ракі шумнацечнай, Дрэмле памятка дзён, што ў нябыт уцяклі, —

___________________________________

(...Ўдзірванелы курган векавечны. Янка Купала. «Курган».) II каманда

Па-над белым пухам вішняў, Быццам сіні аганёк, Б'ецца, ўецца шпаркі, лёгкі

________________________________

(... Сінякрылы матылёк. Максім Багдановіч. «Маёвая песня».)

 

Вядучы. Хацелася б, каб наша слова жыло шмат стагоддзяў, радавала сваёй мілагучнасцю і прыгажосцю новыя пакаленні. Няхай льецца беларуская мова з радыё, тэлеэкранаў, упрыгожвае старонкі газет і кніг, гучыць на вуліцах і ў розных установах. Ведайце, што найлепшы ваш твар, вопратка ваша, душа ваша — родная мова. Гаварыце па-беларуску, бо заўтра наша мова вам, вашым дзецям і ўнукам стане неабходнай. Размаўляйце па-нашаму, каб людзі бачылі вашу вернасць сваёй мове. Размаўляйце з прыветнай усмешкай, з пяшчотай на вуснах — іншыя захочуць адказаць вам тым жа. I не саромцеся недасканалай гаворкі.

Падвядзенне вынікаў гульні.

Раўнд I. «Прадстаўленне каманд».

 

Раўнд II. «Інтэлектуальная азбука».

 

Раунд III. «Перакладчык».

 

Раўнд IV. «Тлумачальнік».

 

Раўнд V. «Грані слова».

 

Раўнд VI. «Паэтычны радок».

 

 

 

Ещё в этом разделе